КУРС ЛЕКЦИЙ

Лекцыйныя заняткi № 3
Методыка вывучэння асноў фанетыкі і графікі

1. Адукацыйнае і практычнае значэнне фанетыкі i графiкi

2. Практыкаванні па фанетыцы. Фанетычны разбор

3. Методыка вывучэння асобных тэм па фанетыцы і графіцы


 

1. Адукацыйнае і практычнае значэнне фанетыкі i графiкi. Засваенне фанетычных ведаў падпарадкоўваецца практычным мэтам:

– выпрацоўцы правільнага літаратурнага вымаўлення;

– засваенню навыкаў правапісу, якія апіраюцца на гука-літарны аналіз слоў;

– карэкціроўцы фанетычных адхіленняў, што асабліва актуальна для школ паўднёва-заходняга рэгіёна.

Фанетыка цесна звязана з усімі раздзеламі пачатковага курса беларускай мовы:

1) з лексікалогіяй. Гукі – будаўнічы матэрыял для слоў. Змяненне аднаго гука ці месца націску адбіваецца на семантыцы або на граматычнай форме слова (каралі – каралі);

2) з марфалогіяй. Гэтую сувязь можна прасачыць на прыкладах, у якіх змяненне гука ці месца націску прыводзіць да змены граматычнай формы (любіце – любіце);

3) з сінтаксісам. У працэсе вывучэння тэмы вядзецца назіранне за інтанацыйнымі асаблівасцямі сказаў, розных па мэце выказвання і інтанацыі;

4) з арфаграфіяй. Большаць арфаграфічных правіл у беларускай мове грунтуецца на фанетычным прынцыпе напісання.

Першапачатковыя веды па фанетыцы i графiцы малодшыя школьнікі набываюць у першым класе. Фанетыка-графічны матэрыял поўнасцю вывучаецца ў другім класе, а ў трэцім і чацвёртым класах адбываецца сістэматычнае паглыбленне ведаў на больш складаным матэрыяле.

У выніку вывучэння фанетыкi i графiкi вучні павінны:

– засвоіць беларускі алфавіт; навучыцца карыстацца слоўнікам, а таксама размяшчаць словы ў алфавітным парадку;

– адрозніваць галосныя і зычныя гукі, вызначаць націскны склад, разумець складаўтваральную ролю галосных гукаў, дзяліць словы на склады і для пераносу;

– класіфікаваць зычныя па звонкасці-глухасці, цвёрдасці-мяккасці, абазначаць мяккасць зычных на пісьме;

– засвоіць правілы напісання галосных о, э – а; e, ё – я;

– навучыцца пісаць словы з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі, падоўжанымі зычнымі, з раздзяляльнымі знакамі, з літарамі дз, ц, у, ў, і, й.

– умець вычляняць гукі са слоў, правільна вымаўляць гукі і спалучэнні гукаў.

2. Практыкаванні па фанетыцы. Фанетычны разбор. Практыкаваннi па фанетыцы бываюць двух тыпаў: аналітычныя і рэпрадуктыўныя.

Аналітычныя практыкаванні могуць быць накіраваны на актыўнае і пасіўнае назіранне.

Пасіўнае назіранне, калі з’ява фанетыкі растлумачваецца настаўнікам ці падручнікам. Каментарый настаўніка складае аснову такіх назіранняў. Напрыклад, знаёмячыся з гукамі [ц], [ц’], настаўнік прапануе вымавіць гэтыя гукі ў словах цень і цэлы і звяртае ўвагу на становішча органаў мовы пры вымаўленні.

Актыўныя назіранні пачынаюцца тады, калі трэба выканаць нешта самастойна, карыстаючыся пэўнымі ведамі. Такіх практыкаванняў нямнога:

– назваць у прапанаваных словах галосныя (зычныя; галосныя і зычныя; цвёрдыя і мяккія);

– вызначыць гукі, якімі адрозніваюцца прыведзеныя словы;

– параўнаць колькасць гукаў і літар.

Як практыкаванне аналітычнага характару выступае фанетычны разбор. Існуе дзве разнавіднасці фанетычнага разбору – гукавы і гука-літарны. У пачатковых класах парадак разбору можа быць наступным:

– паставіць у слове націск;

– падзяліць слова на склады, выдзеліць націскны склад;

– вызначыць у слове колькасць літар і гукаў;

– назваць галосныя гукі і літары;

– назваць зычныя гукі і літары, даць характарыстыку зычных гукаў;

Карысна прапаноўваць для разбору слоўнікавыя словы для лепшага іх запамінання.

Прыклад вуснага разбору слова канькі

У слове канькі націск падае на другі галосны гук. У слове два склады, таму што ў ім два галосныя. У слове пяць гукаў і шэсць літар.

Галосныя:

[а] – абазначаецца літарай а;

[і] – абазначаецца літарай і;

Зычныя:

[к] – зычны, глухі, цвёрды, абазначаецца літарай к (ка).

[н'] – зычны, звонкі, мяккі, абазначаецца спалучэннем літар н (эн) і ь (мяккі знак).

[к'] – зычны, глухі, мяккі, абазначаецца літарай к (ка).

Можна прапанаваць і іншыя пытанні. Напрыклад: Чаму ў слове літар больш, чым гукаў? Што абазначае літара ь (мяккі знак)?

Паступова план запамінаецца. Ён дапамагае арганізаваць думку вучня, развівае маналагічную мову. Важна звязаць фанетычны аналіз з арфаграфіяй і арфаэпіяй, што асабліва актуальна ва ўмовах двухмоўя і ўплыву дыялектаў.

Для фанетычнага разбору непажадана прапаноўваць словы з падоўжанымі зычнымі, з асіміляцыяй па мяккасці і іншыя словы складанай фанетычнай структуры.

Аналітычныя практыкаванні – аснова тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў.

Рэпрадуктыўныя практыкаванні (іншая назва – трэніровачныя) выконваюцца ў пісьмовай форме. Прывядзём прыклады такіх практыкаванняў:

– запісаць словы, уставіць прапушчаныя літары;

– знайсці словы з парнымі зычнымі;

– падзяліць слова на склады, паставіць націск;

– выпісаць словы, якія вымаўляюцца не так, як пішуцца;

– выбраць словы з патрэбнымі гукамі;

– замяніць адны гукі або іх літары іншымі і г. д.

Рэпрадуктыўныя практыкаванні патрабуюць пэўнай самастойнасці вучняў. Фармулёўка задання настаўніка павінна быць канкрэтнай, дакладнай.

У адным радзе з аналітычнымі і рэпрадуктыўнымі практыкаваннямі павінны стаяць практыкаванні на выпрацоўку моўнага слыху вучняў. Ад гэтага залежыць культура вуснага маўлення і пісьменнасць. Незаменнымі матэрыялам тут з’яўляюцца чыстагаворкі, напрыклад:

1. Поўз рак паўз барак. // Сустракае рака грак: // – Здароў, рак, давай руку, // У раку завалаку.

2. Лаўрэн лавіў на рэчцы рыбу, Ларыса варыла рыбу з лаўровым лістом.

3. У качкі качаня, у чаплі чапляня.

4. Звонка-звонка звініць званок, звініць заліваецца.

3. Методыка вывучэння асобных тэм па фанетыцы і графіцы

Азнаямленне з асаблівасцямі гукаў і літар. Тэрміны “гук” і “літара” засвойваюцца яшчэ ў букварны перыяд. Таму задача настаўніка на ўроках у наступных класах зводзіцца да таго, каб пашырыць і паглыбіць веды вучняў. Можна прапанаваць наступныя заданні для развіцця фанематычнага слыху дзяцей: назваць гукі, якімі адрозніваюцца словы; назваць пары слоў, якія адрозніваюцца адным гукам; замяніць галосны ці зычны, каб атрымалася новае слова і інш.

Настаўніку трэба цвёрда засвоіць, што, знаёмячы дзяцей з гукавой сістэмай беларускай мовы, трэба ісці ад гука да літары. З першых урокаў неабходна правільна карыстацца тэрмінамі “гук” і “літара”. Лёгка запомніць простае правіла: гукі мы чуем і вымаўляем, літары мы бачым і пішам. Тыповыя памылкі: “Падкрэсліце гукі…”; “Спішыце словы з гукам о” і інш.

Азнаямленне з галоснымі і зычнымі гукамі. Вучні падзяляюць зычныя і галосныя паводле наступных прымет.

1. Яшчэ у букварны перыяд дзеці засвойваюць, што галосныя – ротаразмыкальнікі, а зычныя – ротазмыкальнікі.

2. Дзеці здольны адчуць ролю органаў вымаўлення пры ўтварэнні гука. Пры вымаўленні адных гукаў узнікаюць перашкоды, а пры ўтварэнні другіх – не. Адсутнасць ці наяўнасць перашкод у роце пры ўтварэнні гука – адна з асноўных прымет, на аснове якой падзяляюцца усе гукі мовы на галосныя і зычныя. Яна дапамагае вучням свядома засвоіць кожную групу гукаў. Карысна, каб малодшыя школьнікі ўмелі назіраць за ўласнай артыкуляцыяй і вызначаць, якія перашкоды ўзніклі пры вымаўленні.

3. Галосныя вымаўляюцца толькі з голасам, зычныя – з голасам і шумам ці з адным шумам. Галосны гук можна вымаўляць працяжна і спяваць.

4. Зычныя гукі вымаўляюцца з большай сілай паветра, якое выдыхаецца. Упэўніцца ў гэтым можна, калі паднесці да рота палоску паперы. Пры вымаўленні зычных яна будзе адхіляцца.

5. Галосныя ўтвараюць склад. Колькі ў слове галосных, столькі і складоў.

Абазначэнне гукаў на пісьме, алфавіт. Пры вывучэнні тэмы асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на суадноснасць паміж гукам і літарай. У працэсе гука-літарнага аналізу дзеці паступова ўсведамляюць, што гук і літара – не адно і тое. Адна літара можа абазначаць 1–6 гукаў (ганак, швагер, горад, герой, пірог; зорка, зіма, мароз, з сябрам, зжаць), спалучэнне дзвюх літар можа абазначаць адзін гук.

У беларускай мове 32 літары (10 літар для абазначэння галосных гукаў і 21 – для абазначэння зычных. Тэрміны “галосная літара”, “зычная літара”, хоць і ўжываюцца ў пачатковай школе, але з навуковага пункту гледжання – няправільныя.

Знаёмства з алфавітам можа адбывацца наступным чынам. Вучні адказваюць на пытанні настаўніка:

– З чаго складаецца слова?

– Як абазначаюцца гукі на пісьме?

– Чым адрозніваецца гук ад літары?

Пасля гэтага вывешваецца табліца. Настаўнік выразна чытае назву кожнай літары і паведамляе, што называецца алфавітам.

Пры завучванні алфавіта важна практыкаваць дзяцей правільна вымаўляць гукі і называць іх адпаведнымі літарамі.

Настаўнік павінен даказаць неабходнасць практычнага засваення алфавіта. Карысна пачаць з класнага журнала, школьных арфаграфічных слоўнікаў. Ведаць алфавіт – значыць умець хутка знаходзіць патрэбнае слова ў слоўніку, умець складаць алфавітны спіс асоб, рэчаў, назваў, кніг і інш.

Пры засваенні алфавіта важнае месца надаецца гука-літарнаму аналізу. Напрыклад: зайка – гук [з] – літара “зэ”, гук [й] – літара “і нескладовае”.

Пры вывучэнні алфавіта ўзнікаюць добрыя магчымасці для работы над словам (складанне слоўніка назваў беларускіх гарадоў, рэк, лясных звяроў і інш.).

Настаўнік можа выкарыстаць на ўроку дыдактычныя гульні: “Хто першы знойдзе слова ў слоўніку”, “ Хто больш назаве слоў на канкрэтную тэму, што пачынаюцца з зададзенай літары”, “Дзяжурная літара” (на ўрок бярэцца адна літара і дзеці падбіраюць на гэтую літару прозвішчы беларускіх пісьменнікаў, назвы дрэў, кветак, жывёл і г. д.).

Склад, перанос слоў. Уменне дзяліць словы на склады асабліва важнае для беларускай мовы. Гэтым уменнем вучні авалодваюць толькі практычна. На канкрэтных прыкладах трэба паказаць, што колькасць складоў залежыць ад колькасці галосных. Падзел на склады (аналіз) неабходна спалучаць з элементамі сінтэзу.

Пасля агульнага знаёмства з падзелам слоў на склады дзеці вучацца дзяліць словы з літарамі й, ў, ь, а таксама апострафам.

З уменнем дзяліць словы на склады непасрэдна звязана засваенне правілаў пераносу слоў. Перанос часткі слова з аднаго радка на другі адбываецца таксама з улікам яго марфалагічнай будовы. Словы з вытворнай асноваю рэкамендуецца пераносіць па марфемах (пры-браць, пад-несці, паднес-ці).

Асноўнае, на што неабходна звярнуць увагу малодшых школьнікаў – колькасць складоў у слове і магчымыя варыянты пераносу (ву-чань; ву-чаніца; вуча-ніца, вучані-ца).

Асаблівай увагі патрабуюць словы з адналітарнымі складамі тыпу агарод, агурок, ручаі, урок, арол, улетку, армія, ураджай. На іх прыкладзе разглядаецца несупадзенне падзелу слова на склады і для пераносу. Выкананне такіх заданняў выпрацоўвае ўвагу да слова, дапамагае глыбей асэнсаваць правіла.

Пры выкананні ўсіх практыкаванняў неабходна патрабаваць, каб вучні даказалі, чаму слова трэба дзяліць для пераносу менавіта так, а не інакш.

Гук [й], літара й (і нескладовае). Малодшыя школьнікі павінны навучыцца ўспрымаць гук на слых, засвоіць, што ён не ўтварае склада. Методыка вывучэння грунтуецца на параўнанні слоў тыпу: роі – рой, гаі – гай. Называюцца гукі і літары па парадку, параўноўваецца колькасць складоў.

Пасля таго як дзеці навучацца адрозніваць гукі на слых, трэба звярнуць увагу на напісанне слоў з літарамі і, й. Практыкаванні могуць быць наступнымі:

– змяніць словы па ўзоры адзін – многа;

– уставіць літары і, й замест кропак;

– адказаць на пытанні, выкарыстоўваючы словы з літарамі і, й;

– скласці сказы з аднатыпнымі словазлучэннямі: лясны ручай – у лясным ручаі і інш.

Гук [ў], літара ў (у нескладовае). У выніку вывучэння дадзенай тэмы вучні павінны:

– навучыцца ўспрымаць гук [ў] на слых;

– вычляняць са сказаў і правільна вымаўляць словы з гукам [ў];

– засвоіць, што гук [ў] не ўтварае склада;

– авалодаць навыкам напісання слоў з літарай ў (у нескладовае);

– навучыцца дзяліць словы з літарай ў (у нескладовае) на склады і для пераносу.

Найчасцей дзеці дапускаюць памылкі на напісанне ў (у нескладовага) у пачатку слова. Каб гэтага не здарылася, папярэднія літары можна падкрэсліваць.

Правапіс літары ў (у нескладовага) патрабуе пастаяннай увагі з боку настаўніка, паколькі, нават ведаючы адпаведныя правілы, малодшыя школьнікі даволі часта дапускаюць памылкі праз адсутнасць у іх належных навыкаў кантролю.

Цвёрдыя і мяккія зычныя. Важнай асаблівасцю беларускай графікі з’яўляецца яе складовы прынцып: мяккасць і цвёрдасць зычных абазначаецца галоснымі, што стаяць пасля іх. Нельга гаварыць, што літары е, ё, і, ю, я змякчаюць папярэднія зычныя. Яшчэ больш абсурдна называць гэтыя галосныя мяккімі. З навуковага пункту гледжання, мяккасць зычнага адлюстроўваецца дзвюма літарамі: першая з іх такая ж, што і для абазначэння парнага цвёрдага, а другая – адна з наступных літар: е, ё, ю, я, і, ь.

Вывучэнне тэмы пачынаецца з назірання і супастаўлення вымаўлення слоў з цвёрдымі і мяккімі зычнымі. Звяртаецца ўвага на тое, як абазначаецца цвёрдае і мяккае вымаўленне зычнага на пісьме. Вучні называюць галосныя, што абазначаюць цвёрдасць зычных, і галосныя, што абазначаюць мяккасць зычных. Выводзіцца алгарытм пісьма па складовым прынцыпе графікі:

1. Зычны вымаўляецца цвёрда. Пішу зычную літару і пасля яе адну з наступных літар: а, о, у, ы, э.

2. Зычны вымаўляецца мякка. Пішу зычную літару і адну з наступных літар: і, я, е, ё, ю.

Трэба заўважыць, што гэты алгарытм дыяметральна супрацьлеглы алгарытму чытання.

Мяккасць зычных на канцы слоў і паміж дзвюма зычнымі абазначаецца літарай ь (мяккі знак). Засваенню матэрыялу дапамогуць правільнае вымаўленне цвёрдых і мяккіх зычных у словах, гука-літарны аналіз, параўнанне слоў па сэнсе. Пасля назіранняў над вымаўленнем слоў тыпу вугал – вугаль, стол – столь дзеці прыходзяць да высновы, што мяккасць зычных гукаў на канцы слоў абазначаецца дзвюма літарамі: зычнай літарай і мяккім знакам, які асобнага гука не абазначае. Дарэчы будзе ўспомніць, якімі літарамі яшчэ абазначаецца мяккасць (праз змяненне слоў тыпу кавалі – каваль, пні – пень). Практыкаванні могуць быць наступнымі: змяненне слоў па ўзоры адзін – многа; пашырэнне сказаў словамі з літарай ь (мяккі знак) на канцы; спісванне з устаўкай літары ь (мяккі знак), дзе яна патрэбна, і інш.

Для назірання за функцыяй мяккага знака ў сярэдзіне слова можна ўзяць словы Волга – Вольга, вугалкі – вугалькі. Вызначаецца значэнне слоў, вучні вымаўляюць іх, выконваюць гука-літарны аналіз. Устанаўліваецца, што ў словах аднолькавая колькасць гукаў. Уся розніца ў тым, што ў першым выпадку гук [л] цвёрды, а ў другім – мяккі. Параўноўваецца вымаўленне гэтых слоў з напісаннем. Робіцца вывад, што мяккасць зычнага [л] абазначаецца спалучэннем дзвюх літар – ль.

Беларускай мове, як вядома, характэрна асіміляцыйная мяккасць свісцячых перад наступнымі мяккімі (акрамя г, к, х): [c’м’эх], [з’м’эна]. У адпаведнасці з сучаснымі правіламі арфаграфіі літара ь (мяккі знак) у такіх выпадках не пішацца. Але гэта не значыць, што падобныя словы павінны (у паслугу напісанню) чытацца няправільна. У такіх выпадках настаўнік проста папярэджвае памылку.

Няпарныя цвёрдыя гукі. Гэта тэма з’яўляецца працягам работы над цвёрдымі і мяккімі зычнымі. На першым этапе асноўная ўвага надаецца вымаўленню слоў і выдзяленню няпарных цвёрдых гукаў. Звяртаецца ўвага, што такія гукі не маюць пар па мяккасці. Увага вучняў засяроджваецца на напісанні галосных пасля няпарных цвёрдых зычных гукаў.

На наступным этапе малодшыя школьнікі практыкуюцца ў адрозненні [ц] – няпарнага цвёрдага і [ц’] – мяккага гука. Вучні павінны пераканацца, што гэта розныя гукі. Мяккі зычны [ц’] складае пару з цвёрдым [т] (жыта – у жыце, куст – кусцік). Зацвярдзелы гук [ц] не мае такой пары. Розніцу ў вымаўленні дзеці адчуюць, параўноўваючы вымаўленне слоў тыпу сцэна – сцены, цацка – цяжка. Робіцца вывад: у беларускай мове ёсць гук [ц] – зацвярдзелы і [ц’] – мяккі. Вучні заўважаюць, якія галосныя пішуцца пасля літары ц у кожным выпадку, і робяць адпаведныя высновы.

Звонкія і глухія зычныя. Звонкія і глухія зычныя вывучаюцца як кантрасныя гукі. Для акустычнага аналізу бяруцца словы, якія адрозніваюцца адным гукам (дом – том, жыў – шыў). Адрозніць зычныя па звонкасці-глухасці вучні могуць самастойна, з дапамогай вібрацыйнага кантролю (прыкласці палец да гартані ці заткнуць вушы і паслядоўна вымаўляць зычныя парамі). Трэба пазнаёміць дзяцей і з тымі зычнымі, якія пар не ўтвараюць (санорныя, [ф]).

У выніку вывучэння тэмы вучні павінны: 1) навучыцца адрозніваць на слых парныя звонкія і глухія зычныя; 2) завучыць пары па звонкасці-глухасці; засвоіць, што парныя зычныя выразна чуюцца перад галоснымі; 3) выпрацаваць уменне падбіраць праверачныя словы і супастаўляць іх з тымі, якія правяраюцца.

Націск, націскны і ненаціскны склад. Даказана, што гучнасць галосных памяншаецца ў наступнай паслядоўнасці: [а], [о], [у], [э], [ы], [і]. Настаўніку гэта трэба ўлічваць і браць для першых практыкаванняў словы тыпу восень, сані. Вельмі важна навучыць дзяцей вызначаць пераднаціскныя і паслянаціскныя склады. На матэрыяле спецыяльных практыкаванняў трэба пазнаёміць вучняў і з такой функцыяй націску, як адрозненне па сэнсе слоў, што аднолькава пішуцца, але па-рознаму гучаць і маюць розныя значэнні (ракі – ракі, пара – пара). Варта прадугледзець і практыкаванні, дзе націск мяняе граматычную форму слова (травы – травы).

Настаўніку неабходна выпраўляць усе акцэнталагічныя памылкі вучняў. Спіс цяжкіх слоў карысна вывесіць у класе пад рубрыкай “Гавары правільна”.